Аднадзёнка
Скончыцца ноч - і пачнецца жыццё наноў.
Я аднадзёнкай кволай вярнуся. Мусіць,
Буду ў краях, дзе часта снягі цярусяць -
Кожнаму там хапае трывожных сноў.
Там непазбежна мяне напаткае лёс:
Зноў атрасу дрымоту з празрыстых крылаў
І палячу, каб знайсці камінок астылы,
Дом апусцелы, халодны глыбокі плёс.
Гэта мой дом ля рэчкі, ён мой здавён:
Быў чалавекам на роднай зямлі калісьці…
Снег абляпляе крылы - не знойдзеш выйсця,
Зноў знемагаю, вяртаецца шэры сон.
Перад сутоннем паспею прысніць адно:
Дом апусцелы… Ёй болей маім не стане.
Лёс жамяры паўторыцца на світанні.
Скончыцца ноч - і пачнецца жыццё наноў.