Ад шкарлятынавай лускі...
***
…я кажу – цячы, рака!
і рака цячэ.
Наста Кудасава
Ад шкарлятынавай лускі
На скуры дрэваў пачарнелых
Я збег – і выйшаў да ракі,
І на ваду гляджу нясмела.
Якая моц у глыбіні,
Як многа сонца ў крыгах першых!
Сівыя снежаньскія дні
Звіняць радкамі новых вершаў.
Але рака цяпер маўчыць.
На беразе паснулі вёскі,
І снежань на маім плячы,
Сядзіць, як белы сокал свойскі.
Праз тыдзень прыйдуць халады –
Так і раней было заўсёды.
Загадкавы сусвет вады
Замрэ пад прасціною лёду.
Як на зіму ні наракай,
Яе парадкаў не аспрэчыш…
А я шапчу: “Цячы, рака!” –
І снег кладзецца мне на плечы.