Брызгліна
Да яроў, брызглінаю парослых,
Вабіць затуманены прасцяг…
Мой шалёны лёс саткаў на кроснах
Посцілку бязладнага жыцця:
Колераў і ліній куламеса,
Мітусня з хваробай напалам…
Я пакуль жывы. Займаю месца.
Толькі што я людзям перадам?
Што запомняць? І якія словы
Высеча на помніку гравёр?
“Нарадзіўся неабавязковым.
Неабавязковым і памёр”?
Не! Не трэба помнікаў. Як згіну,
Як растану ў промнях і траве,
Пасадзіце на двары брызгліну –
Хай яна, патрэбная, жыве.
Хай свабоднай вырасце, не скутай,
Хай чакае цёплую пару
І частуе ягаднай атрутай
Дробных птушак, звыклых да атрут.