Чакае ў шэрым безгалоссі...
***
Чакае ў шэрым безгалоссі
Халоднай ранішняй слаты
Аўтобус на прыпынку Восень -
Там, у яго салоне, ты.
Нягучна заспяваюць шыны,
Ты намалюеш знак на шкле...
Маршрут бясконцы, шлях адзіны -
Магла б усё змяніць, але
Між шэрых дзён і слоў астылых
Паблякла, звыкла да бяды.
Згубіла час, натхненне, сілы…
І лёс прывёў цябе сюды,
Каб ехаць у чаканні цуду
Шашой Кастрычнік-Лістапад.
Але не вернешся нікуды…
Кіроўца, павярні назад!