Skip to main content

Гадзінніка не носіш ты з сабой...

***

Гадзінніка не носіш ты з сабой.
Ці спыніш гэтым час? Не! Смех, дый годзе.
Са старасцю бязлітасны двубой
Нахабнікаў да могілак даводзіць.

Ці спраўдзіцца на вечнасць мой спадзеў?
Што здарыцца ў апошні дзень у свеце?
Тады б на даўніну мне паглядзець,
Пераматаць свой лёс, як на касеце.

Мне пяць гадоў. Во, бач, малы які!
І цёплы дотык дзедавай рукі…
Вось дзевяць. Я стаю ля дошкі ў школе…

Дні растаюць сняжынкай на акне.
Праз сто гадоў забудуць пра мяне,
І спеў мой не паўторыцца ніколі.