І пляск вады, і бляск агню...
***
І пляск вады, і бляск агню,
І промні сонца напрадвесні —
Усё цяпер упершыню
Ператварыцца можа ў песню.
І гуд далёкіх цягнікоў,
І пошум станцый мітуслівых
Яшчэ абернуцца наноў
Празрыстай нотай, пералівам.
А я глухі. І прамаўчу
(Цярпі, Эўтэрпа гаваркая!);
Не талент я і не вяшчун,
Хоць ведаю, што нас чакае,
Што будзе ў музыкі фінал,
Што лёс спрыяе чорнай сіле,
І толькі сівер давідна
Правые на тваёй магіле.