Я — частка той шэрай масы...
***
Я — частка той шэрай масы, што кулю зямную таўхае,
З усімі іду па дарозе бясконцага крывадушша.
Калі я памру, не трэба ні пекла, ні светлага раю:
Вы мне ў далонь укладзіце маленькае семечка грушы.
Яно прыжывецца ў глебе, праб’ецца хоць нейкім цудам,
А потым — хай лупіць вецер, няхай калоціць залева.
Так! Мне не ажыць ніколі, ды толькі ўсцешаны буду,
Што я зрабіўся нарэшце маўклівым і шчырым дрэвам.