Skip to main content

Празрыстая, як ліпавыя шаты...

***

Празрыстая, як ліпавыя шаты,
Далёкая, як жоўтыя агні,
Да шчасця даляціш… Але спярша ты
Смугой халоднай плечы ахіні.

Увойдзеш у смугу – і станеш жрыцай,
Здабудзеш сілу ў травах і вадзе.
Душа твая патрапіць адрадзіцца,
Дзе сонны бераг і разлівы, дзе

Начуе сонца між сцяблін чароту,
А ўдзень яно – напаленая ніць…
Там толькі час, туман і адзінота,
І цішыня бясконцая звініць.

Знайсці спакой і смерць сярод туману –
Адзіны лёс, табе наканаваны.