Я пакуль не забыўся, я помню...
***
Я пакуль не забыўся, я помню,
Гэта ў сэрцы глыбока жыве:
Кроплі-бліскаўкі сонечных промняў
На кудлатай тваёй галаве,
Шоргат хваляў і восеньскі вецер,
Першы жоўты лісток і шпакі...
Прамяняць я хачу ўсё на свеце
На даверлівы дотык рукі.
Зранку сонца, агністая векша,
Пераскочыць рудыя палі.
Я кахаю, як быццам я першы,
Хто аднойчы кахаў на зямлі.
У будзённасці змрочнай чакаю,
Што прыгорнешся ты да мяне.
Дні мінаюць, мая дарагая,
І расстанне нарэшце міне,
І любоў нашы лёсы асвеціць,
Як бывала ў любыя вякі,
І паўторацца хвалі ды вецер
Першы жоўты лісток і шпакі.