Я засумаваў без дай прычыны...
***
Я засумаваў без дай прычыны
(Так заўжды маркоціцца бядак),
Хоць люблю звычайную жанчыну,
Простую, як ціхая вада.
Так, люблю – заспаную ў халаце...
Для мяне яна запарыць чай.
Добрая, падобная да маці,
Да майго прытуліцца пляча.
Я цяпер памалу прывыкаю,
Слухаю, як дыхае яна.
Вось ужо шапчу ёй: "Дарагая",
І скажу калісьці: "Ты адна..."
Не кахаю, бо зусім не ўмею,
А любоў у сэрцы пранясу.
Толькі хто падорыць мне надзею,
Што аднойчы знікне горкі сум?