Калі былая крыўда стане...
***
Калі былая крыўда стане
Нагодай новай для спаткання,
Калі знямога апануе
Ад лішку соннай цеплыні,
Ты знішчы недавер дазвання,
Насуперак душэўнай ране
У сэрцы абудзі вясну — і
Мяне пяшчотай ахіні.
Зноў прыйдзе час, пачнецца вечар…
У карагодзе спраў і рэчаў
Лёс блісне каляровым промнем
І незаўважна праміне,
І старасць ляжа нам на плечы,
А надалей чакае вечнасць…
І толькі зоркі будуць помніць,
Як свет ты падарыла мне.