Каралева павукоў
Хутка чэзне дзень туманны, уцякае ў змрочны схоў.
Стала ты маёй каханай, каралева павукоў.
Прыйдзеш ціха… Вэлюм чорны: твар хаваеш ад святла.
Ты ў юнацтве нарачонай люцыферавай была.
Помню я пра ваша шчасце — і дарую Сатане,
Бо цяпер пякельнай жарсцю ты выпальваеш мяне.
І пасля гарачай ночы марна я цябе малю:
Злітуйся хаця б аднойчы, забяры душу маю!
Ды знікае зноў каханка, ля парога шэпча: «Не…»
І калышацца да ранку павуцінне на акне.