Крапіва
Крочу ў траве - крапівы баюся,
Крычма крычу - крапіва пячэ.
Колькі гадоў мне? Ды з дзевяць, мусіць...
Палкай жыгучку луплю яшчэ.
Недзе каленку разбіў учора,
Крыўдна, што румзаў паўдня, але
Лашчыць мяне травяное мора.
Хораша крочыцца пры святле!
Палку шпурляю - пайшоў па дзеда:
Бабчын сняданак чакае нас.
Толькі праз месяц у горад з’еду:
Новая школа, мой трэці клас...
Трыццаць гадоў… І яны расталі,
Дзеда на свеце няма даўно.
Росны світанак, трава, як хвалі.
Ціха кладзецца смугі радно.
Будзе да скону са мною страта -
Повязь з мінулым жыццём парваў,
З роднай зямлёй, дзе ў траве ля хаты
Нелупцаваная крапіва...