На беразе блішчыць падталы лёд...
***
На беразе блішчыць падталы лёд,
Лятуць сняжынкі, ліпнуць да валосся...
І думка прабівае навылёт:
Амаль мінуў чарговы змрочны год.
Ці шмат гадоў трывожных засталося?
Ды схамянешся - ты пакуль жывы!
Хай прыстаеш, нібы загнаны дэраш,
Трымайся, не бяры да галавы.
Хай воглы снег ахутаў паплавы -
Жыві! Рабі, як робіш, вер, як верыш.
І вось з надзеяй кволенькай адной
Вяртаешся ў няўтульную кватэру,
Дзе, як заўжды, узімку і вясной,
Казу суседзі водзяць за сцяной,
Але ж не запрашаюць на вячэру.
А ты жывы, агонь пакуль не згас.
Зноў свята - у трывогах, у нягодзе,
І толькі верыш - Збаўца ў гэты час
Народзіцца, каб выратаваць нас,
І ўбачаць зорку мудрацы на ўсходзе.