Skip to main content

Пацёртыя вокладкі кніг...

***

Пацёртыя вокладкі кніг —
Салдаты ў палку на паліцы.
Забыць бы пра тую крыніцу,
Адмовіцца б толькі ад іх!
Пацёртыя вокладкі кніг.

Аддаць іх у краму назад
Ці полымю ў дар, як ахвяру?
Не здзейсняцца гэткія мары,
І кнігі памілуе кат.
Не здаць іх у краму назад.

Старонкі тамоў не памруць,
Спаліць, загубіць — немагчыма.
Схаваную першапрычыну
Мы ловім, як вадкую ртуць.
Старонкі тамоў не памруць.

І словы мудрэйшых за нас,
І думак іх хітраспляценні
Лунаюць над намі, як цені,
А мы, хоць змяняецца час,
Баімся мудрэйшых за нас…