Памяці Стральцова
Чакаеш дзень, чакаеш два, а пралятае год,
І надыходзіць цеплыня, і раптам — крыгаход.
Ты чуеш музыку вясны, яна пяе ўнутры,
І забываеш пра журбу, пра шэраг крыўд старых.
Танцуюць промні венскі вальс, трымціць святло ў акне,
А музыка вясны грыміць гучней, гучней, гучней
І запрашае да сябе, у край дзіцячых сноў.
Там крэсліць дабрыня свой круг, і ты свабодны зноў.
Там пахне цёплым малаком, там перашэпт травы,
І мама не хварэе там, і дзед яшчэ жывы.
Ласкава кліча ў светлы край і вабіць крыгаход…
Ты прачынаешся ўначы, на скронях ліпкі пот.
Хто ты, нябачны чалавек? Дзе ты жывеш і з кім,
Шукальнік музыкі вясны ў натоўпе гарадскім?
Я сам такі ж, як ты, бо лёс усіх нас прывядзе
Туды, дзе з вудай ля ракі даўно чакае дзед.