Skip to main content

Пажоўклае кастрычніцкае лісце...

***

Пажоўклае кастрычніцкае лісце
Пад тонкімі абцасамі пяе,
А мне б на пяць хвілін з кватэры выйсці,
І, быццам незнарок, сустрэць яе.

Пазабываў бы крыўды, злосць і пыху
І павітаўся проста, як заўжды,
Каб побач з ёю пастаяць, падыхаць
Парфумай лёгкай – водарам бяды.

Але сяджу ў абрыдлым доме гэтым,
За шыбінай плыве жаночы цень…
Што робіць адзінотніка паэтам?
Не, не каханне. Мыліцы ў куце.