Пяцігорскі раманс
Дождж лезгінку танцуе на стрэхах,
І ад стуку набоек яго
Разлятаецца лёгкае рэха.
А нябёсы гуляюць у го:
Чорна-белыя хмары, як пасмы
На зялёным ілбе Машука...
Заўтра сонца траву будзе пасвіць,
Пацячэ павуціння рака,
Ды пакуль толькі дождж і грымоты.
Беспрытульнасць — хоць вершы пішы,
І гучыць на кружэлцы самоты
Пяцігорскі раманс у душы.