Skip to main content

Развітанне

Апошні позірк вокамгненны,
Вакзал, цягнік, узмах рукой,
Крывёй напоўненыя вены,
Твой пульс і страчаны спакой...

Пакута развітання — гэта
Маўчанне, жэстаў мітусня.
Змяніць бы разам сродкі, мэты...
Няма ўжо часу, каб мяняць.

Гудок разносіцца ў паветры...
Калі ж спаткаемся яшчэ?
Але пакуль скрозь кіламетры
Чыгунка, быццам Стыкс, цячэ.