Skip to main content

Зацярушаны снегам і соллю...

***

Зацярушаны снегам і соллю,
Засынае асфальтавы вечар
З марай сціплай: даведацца болей
Пра жыццё, пра нябыт чалавечы.

Ён, напэўна, хацеў бы тактоўна
Папытаць мінакоў выпадковых:
«Бачыш неба? Аблокі, як з воўны.
Дык чаму на зямлі толькі ковы?»

Не пачуюць яго, не адкажуць —
Гук змяшаецца ў гоман птушыны,
Толькі шлейфам з бензіну ды сажы
У паўзмроку абдораць машыны.

І, нарэшце, асфальтавы вечар
Засынае з нязбытнаю марай,
А над горадам бляску й галечы
Пралятаюць ваўняныя хмары.