Не дойдзе да Тэначтытлана...
***
Не дойдзе да Тэначтытлана ацтэкскі ваяр,
Не знойдзе траянец сваёй шматпакутнай радзімы,
Стагоддзяў цягнік незваротна праносіцца міма,
Мінаецца ўсё, маладосць адыходзіць твая.
Дзіцячая радасць згубілася дзесь за альсом,
Зрабіліся пылам дарожным наіўныя мроі,
А ты не паверыў і ўпарта варушыш старое,
І вецер халодны хапае цябе за крысо.
Ты можаш казаць, што захочаш — сабе не мані,
Што гэта не ўзрост, а звычайная змена сезона.
Ты стрэсваеш кроплі з плячэй, з рукавоў, з парасона,
Нібыта скідаеш апошнія летнія дні.