Skip to main content

Трансмісія аўтобуса звініць...

***

Трансмісія аўтобуса звініць,
Мы едзем па праспекце да курзалы.
На небе, як вальфрамавая ніць,
Гарыць свяціла ў соннай вышыні…
А я без піва — грошай надта мала.

Мы рушым. Ты звычайны адпускнік,
Што да мяне прыбіўся нечакана.
Сяброў такіх курортных пералік
Хіба прыдасца? Сябар быў і знік.
Ты хутка знікнеш — моўчкі, без падману.

Нас раскідае лёс — каго куды:
Далей ад сонца, пляжаў і курортаў.
І будзем жыць, спакойна да нуды,
Без радасці, але ж і без бяды,
І без пачуццяў «на разрыў аорты»…

— Ну што, няма на піва? А на квас?
— На квас знайду.
…Напой халодны хлебны
Мы прагна п’ём, як у апошні раз,
Нібыта адчуваем — кожны з нас
Шчаслівы. І нікому не патрэбны.