Skip to main content

Ты старанна бяжыш дзень пры дні...

***

Ты старанна бяжыш дзень пры дні, хоць не помніш, навошта,
Пасылаеш сшарэламу небу дзяжурны праклён,
І маўчыць тэлефон, і маўчыць электронная пошта:
Любіць семкі лузаць электронны лайдак-паштальён.

Хай чуваць пошум дрэваў далёкіх, ды ты не зважаеш,
Бо бяжыш і не бачыш, як хутка спаскудзіўся свет,
Замяняе сапраўдную волю падачка чужая,
А народ паслухмяны жыве без надзей і без мэт.

Лісце жоўклае ў парку паспешліва падае долу,
Дрэвы-свечкі стаяць на нябачнай сусветнай імшы.
Ты бяжыш. Толькі выбегчы нельга: будзённасці кола
Заціскае ў абдымкі, каб ціха цябе задушыць...