Ляці, валавока!
Я чую, як недзе далёка
Маленькая птушка пяе.
Вітаю цябе, валавока!
Вітаю напевы твае!
Агромністы свет над табою,
Нябёсаў бясконцы абшар
І поўная шчасця й спакою
Адвечнай прыроды душа.
Даўно ў гарадах гаманлівых
Я марыў пра тыя сады,
Дзе грушы ды жоўтыя слівы,
Дзе ціха, утульна заўжды.
Шукаў іх у град і залеву,
Дарэмна хадзіў па зямлі,
І толькі птушыныя спевы
Надзеі згарэць не далі.
Адолею ўсе перашкоды,
Каб мрою нарэшце знайсці.
Да сонца на крылах свабоды
Ляці, валавока, ляці!