Skip to main content

Зямля

Цяжкія хмары навіслі, відаць здаля
Шнары барознаў - пасечаная ралля,
Чорная глеба чакае дажджоў, баіцца:
Спыніцца час - ні засевак, ні касавіцы,
Знікне аднойчы аратай, а з ім Зямля.

Час разбурае насыпы ды валы,
Знікнуць вялікі замак і дом малы,
Скончацца тлум і крыкі, і шэпт сам-насам...
Толькі змагаецца з непераможным часам
Гэты аратай. І побач яго валы.

Вечнасць - як дрэва гонкае без камля,
Госпадзе, ці пачнецца твая ралля?
Дапамажы аратаю не спыніцца,
Хай дажыве, дачакаецца касавіцы,
Хай не знікае аратай, бо з ім Зямля.