Зялёны сад мяне сустрэў...
***
Зялёны сад мяне сустрэў…
У цішы прамянеюць слівы:
Зрывае іх з высокіх дрэў
Свавольнік — вецер мітуслівы.  
Іх дожджык паліваў, як мог,
Ад спёкі засланялі шаты,
І вось ляжаць яны ля ног —
Нічыйны дыванок стракаты.  
Абрус пад дрэвам пасцялю,
Харчы няхітрыя дастану
Ды пагляджу, як на зямлю
Кладзецца першы жмут туману.  
І жнівень скончыцца, як дзень…
І на кароткі міг паверу,
Што сонца слівай упадзе
У халасцяцкую вячэру.