Skip to main content

Вершы балгарскіх паэтаў

Стэфан Гечаў (1912-2000)

Жах

Нясмелы белы матылёк
ляціць у прамяністым паветры.
Трапляе ў сонечны круг і –
дзіва –
робіцца чорным. Зусім
чорным.

Георгі Канстанцінаў (н. 1943)

***

Гараць хвалі ў моры.
Крык раненай чайкі над морам –
Маё пачуццё.

І сэрца, як востраў,
нянавісць яго акружыла.
Маё пачуццё.

Святая любоў, ты
прыкутая, быццам рабыня,
маё пачуццё.

А ноч – гаспадыня,
у змрок зноў прыходзіць з паклонам
маё пачуццё.

Народзішся раптам
І зможаш мяне перажыць ты,
маё пачуццё.

Іван Хрыстаў (н. 1978)

Бдзін1 - Парк

Люблю шпацыраваць
і дыхаць свежым паветрам,
увечар, у парку,
сярод пенсіянераў,
закаханых
і наркаманаў,
сярод тых, хто
не мае будучыні.


  1. Даўняя назва Відзіна