Герберт Ўэлс, "Трыюмфы таксідэрміста"
Вось вам некалькі сакрэтаў таксідэрміі. Пра іх апавёў мне сам таксідэрміст, калі быў у добрым настроі, недзе паміж першай і чацвёртай шклянкамі віскі. У такім стане чалавек ужо губляе асцярожнасць, але яшчэ не п’яны. Мы ўдвух сядзелі ў ягонай каморцы, якая адначасова была і бібліятэкай, і гасцёўняй, і ядальняй, аддзеленыя, наколькі я мог бачыць, бісернай фіранкай ад самога смуроднага памяшкання, дзе майстар займаўся сваім рамяством.
Ён сядзеў у шэзлонгу, і калі не драбіў непаслухмяныя кавалачкі вугалю, то дзіўна закідваў на камінную дошку з кучай шкляных вачэй ногі, на якіх насіў сапраўдны рэлікт, стаптаныя дывановыя пантофлі, надзетыя на манер сандаляў. Між іншага, яго штаны, якія не мелі ніякага дачынення да яго трыюмфаў, былі з жудаснай жоўтай шатландкі: такую рабілі ў часы, калі нашы продкі насілі бакенбарды, а ў свеце яшчэ існавалі крыналіны.
Таксідэрміст быў чарнавалосы і ружовашчокі, з вогненна-карымі вачыма, а яго куртка была збольшага пакрытая тлушчам на аснове з вельветыну. На яго фарфоравай люльцы былі намаляваныя тры грацыі, акуляры ён чапляў так крыва, што маленькае левае вока пільна глядзела паверх аправы проста на суразмоўцу, а правае вока здавалася праз шкло змрочным, павялічаным і спакойным. Ён пачаў расказваць:
— Не, Бэлаўз, няма на свеце такіх штукароў, як я, зусім няма. Я набіваў чучалы сланоў і чучалы матылькоў, і ўсе яны выглядалі больш сапраўднымі за жывых. Дый чучалы людзей рабіў — часцей за ўсё арнітолагаў-аматараў. Аднойчы змайстраваў чучала негра.
Ды не, нічога незаконнага ў гэтым няма. Я растапырыў яму пальцы, і атрымалася вешалка для капелюшоў, але адной ноччу гэты дурань Хамерсбі пабіўся з ім і ўсё сапсаваў. Вас тады яшчэ і на свеце не было. Цяжка здабыць скуру, а то б я яшчэ адно зрабіў.
Непрыемна? Ды не. Справа гэтая перспектыўная — такі сабе спосаб абысціся без пахавання ці крэмацыі. Можна атачыць сябе мілымі сэрцу людзьмі. Такія цацкі можна паставіць дома — не горш за любую кампанію, але значна танней. Можна і гадзіннікавы механізм уставіць — карысная штука будзе.
Вядома ж, іх трэба лакаваць, але ім не абавязкова блішчэць ярчэй, чым блішчыць большасць жывых людзей. Напрыклад, як лысіна старога Мэнінгтры... У любым разе, з імі можна гутарыць, а яны і не перапыняць. Нават цёткі. Я ўпэўнены, што ў таксідэрміі вялікая будучыня. Існуюць, зноў жа, скамянеласці...
Раптам ён замоўк.
— Не думаю, што варта пра гэта апавядаць, — ён задумліва пасмактаў люльку, — Ага, дзякуй. Не перабярыце з вадой.
Тое, што я вам раскажу, безумоўна, павінна застацца паміж намі. Ведаеце, я ўжо зрабіў некалькі дронтаў і бяскрылую гагарку. Не чулі? Відаць, вы толькі аматар. Дарагі дружа, палова ўсіх чучалаў бяскрылай гагаркі такія ж сапраўдныя, як хустачка святой Веранікі ці рыза Госпада. Мы робім іх з пёраў паганкі і іншых птушак. І яйкі бяскрылай гагаркі мы таксама робім!
— Божухна!
— Ага, вырабляем яйкі з тонкага фарфору. Яно таго, скажу вам, вартае! За адно яйка плацяць... нядаўна заплацілі трыста фунтаў. Яно, здаецца, было ну проста сапраўднае, але ж тут ніколі нельга быць упэўненым. Гэта вельмі тонкая работа — калі яйкі гатовыя, іх трэба пасыпаць пылам: уласнік такога багацця ніколі не наважыцца чысціць гэты скарб. Вось у чым соль! Хай нават яйка выглядае падазрона, правяраць ніхто не будзе — капітал надта крохкі.
А вы і не ведалі, што мастацтва набівання чучалаў дасягнула такіх вяршыняў. І гэта, юнача, толькі пачатак! Я магу паспаборнічаць нават з прыродай. Адна з сапраўдных бяскрылых гагарак... — тут ён перайшоў на шэпт, — адна з сапраўдных бяскрылых гагарак была змайстраваная мною.
Не. Спачатку вывучыце арніталогію і тады паспрабуйце адрозніць самі. Больш за тое, да мяне прыходзілі з гандлёвага сіндыкату — хацелі забяспечыць такімі адну з недаследаваных марскіх скалаў на поўнач ад Ірландыі. Калі-небудзь я гэтым займуся. Але цяпер ёсць важнейшая справа. Вы чулі пра дынорніса?
Гэта адна з тых вялікіх птушак Новай Зеландыі, якія ўжо вымерлі. Яе часцей называюць «маа», гэта значыць «вымерлая»: маа больш няма. Разумееце? Але ж захаваліся яе косткі, у балотах знаходзілі пёры, высахлыя кавалачкі скуры. Цяпер я збіраюся — балазе, класціся касцямі тут не трэба — дык вось, я хачу падрабіць поўнае чучала маа. Я ведаю аднаго прайдзісвета — ён зробіць выгляд, нібыта знайшоў птушку ў нейкім сфагнавым балоце і адразу набіў яе, каб знаходка не развалілася. Пёры ў яе асаблівыя, але я ведаю адзін цудоўны спосаб: трэба толькі добра папрацаваць над падсмаленымі пёрамі страуса. Але, іх пах вы і адчулі. Без мікраскопу фальшыўку не вылічыць, і наўрад ці хто будзе псаваць такі шыкоўны ўзор.
Бачыце, так я і падштурхоўваю развіццё навукі. Але гэта толькі перайманне прыроды. Калісьці я дасягнуў большага — пераплюнуў яе.
Ён апусціў ногі з каміннай дошкі і даверліва нахіліўся да мяне:
— Я сам стварыў птушак, — прашаптаў ён. — Новых. Палепшаных. Дагэтуль такіх птушак на свеце не было.
Ён выразна памаўчаў і зноў закінуў ногі на дошку.
— Абагаціў, так бы мовіць, сусвет. Адны мае птушкі былі новым відам калібры, надзвычай прыгожая малеча, іншыя — проста дзіўныя. Самай дзіўнай, відаць, была Anomalopteryx Jejuna. Jejunus-a-um — значыць, пустая: унутры нічога не было, зусім пустая птушка, адна набіўка. Цяпер гэтая птушка ў старога Джаверса — думаю, ён ганарыцца ёй не менш за мяне, бо гэта, Бэлаўз, сапраўдны шэдэўр. У ёй і дурнаватая нязграбнасць пелікана, і ўрачыстая напышлівасць папугая, і сухарлявая грацыёзнасць фламінга, і дзівацкае спалучэнне колераў мандарынкі. Такая вось птушка. Я зрабіў яе са шкілетаў бусла і тукана і разнамасных пёраў. Для сапраўднага мастака таксідэрмія такога палёту — чыстая радасць, дарагі Бэлаўз!
Як я да такога дадумаўся? Гэта проста, як і ўсё геніяльнае. Адзін з гэтых юных геніяў, што пішуць навуковыя нататкі для газетаў, знайшоў нямецкую брашуру пра птушак Новай Зеландыі і пераклаў адтуль некалькі абзацаў з дапамогай слоўніка і прыроднай кемлівасці. Але кемлівасці яму прырода пашкадавала: ён пераблытаў жывога аптэрыкса (якога яшчэ называюць ківі) з вымерлым анамалаптэрыксам і напісаў пра паўтараметровую птушку, якая жыве ў джунглях Норс-Айленда — маўляў, рэдкая і баязлівая істота, а таму яе цяжка злавіць і гэтак далей. Джаверс, надзіва цёмны нават для калекцыянера, прачытаў гэтую нататку і пакляўся, што любой цаной здабудзе птушку. І пачаў даймаць запытамі гандляроў. Бачыце, чаго можна дасягнуць настойлівасцю і сілай волі? Калекцыянер клянецца, што здабудзе экземпляр птушкі, якой у прыродзе няма, больш за тое, ніколі не існавала: праз сваю абразлівую пачварнасць яна пасаромелася б нават з’явіцца на свет, калі б мела такую магчымасць.А ён яе займеў. Займеў жа!
Яшчэ віскі, Бэлаўз? — перарваўся таксідэрміст. Ён на хвілінку адышоў ад тэмы, захоплены развагамі пра напорыстасць і склад розуму калекцыянераў.
Мы напоўнілі шклянкі і майстар пачаў апавядаць, як калісьці ён сфабрыкаваў чучала спакуслівай русалкі і адзін вандроўны прапаведнік, у якога прыгажуня адбіла паству, знішчыў яе, сказаўшы, што гэта ідалапаклонства ці, яшчэ горш, барслемскі кірмаш. На жаль, перамовы бакоў, што ўдзельнічалі ў здзелцы, — стваральніка, верагоднага захавальніка і разбуральніка — абсалютна непрыдатныя для друку, таму я мушу пакінуць гэты забаўны аповед нявыдадзеным.
Калі чытач не знаёмы з цёмнымі справамі калекцыянераў, ён, мабыць, засумняецца ў праўдзівасці гісторыяў майго таксідэрміста. Але што тычыцца яек бяскрылай гагаркі і фальшывых чучалаў птушак, я знайшоў пацверджанні гэтаму ў працах вядомых арнітолагаў. А нататка пра новазеландскую птушку з’явілася ў адной ранішняй газеце з бездакорнай рэпутацыяй. Таксідэрміст захаваў гэты нумар і паказаў яго мне.