Skip to main content

Адна ноч у снежні

Загрукала сэрца. Я сцішана слухаю,
Як вецер пяе. У пакоі задуха – і
Не верыцца мне, што за шыбамі снег.
Ты дрэмлеш, чаканая, мілая, блізкая.
Праменьчык світання зімовага бліскае
І ціха кладзецца на вейкі ўва сне.

Ты з болем пранізлівым добра знаёмая…
Забудзь! Гладжу зноў валасы пакрыёма я,
Кранаюся цёплай пяшчотнай рукі.
Не спудзіць бы сон твой, яшчэ ён не страчаны.
Гадзіна яшчэ… І абдымкі гарачыя…
Хай будуць праклятыя ўсе цягнікі!

Чакае таксі, а будыніны шэрыя
Пад снегам маўчаць. У найлепшае веру я –
Трывогі закончацца, як халады,
Ты вернешся (шчасце аднойчы вяртаецца),
Святлом ахіне нас вясновая раніца
І боль твой растане. Ужо назаўжды.