Skip to main content

Ante mortem

Шмат прасторы ў горадзе пустым,
А жыццё знайсці зусім не проста:
Спяць спакойна станцыі, масты…
Толькі цішыня глядзіць з-пад моста.

Абязлюднеў парк. Дрымотны сквер,
Як пануры помнік дзён забытых.
І даўно людзей няма. Цяпер
Толькі цвіль на мармуровых плітах.

Між будынкаў, паркаў і дарог,
Не шукай людскіх слядоў упарта…
Жыхароў яшчэ заспеў трыснёг,
Заступіўшы ля ракі на варту.

Да вады, туды, дзе вецер вые,
Прыйдзем мы — апошнія жывыя.