Skip to main content

Цемра шыбы залепіць і дзень праміне...

***

Цемра шыбы залепіць і дзень праміне,
Напляце павуцінку мароз на акне,
На дварэ заскрыгоча завея...
Сёння я ўпершыню цябе бачыў у сне —
Ты ў крыштальную далеч сышла ад мяне,
Дзе ад сцюжы ўвесь свет прамянее.

Сон мой хутка растаў, як сняжынка вясной.
Лямпа зноў асвятляе няўтульны пакой,
Дзесь за шыбай віецца дарога.
Кіну ўсё, каб напоўніць душу цеплынёй,
Развітаюся, мабыць, з самотай сваёй...
Толькі побач са мной — анікога.

Веру, зменіцца ўсё! Веру, будзе яшчэ
Шчасця міг, подых твой — за сняжынку лягчэй —
І каханне адно, назаўсёды.
А пакуль маё сэрца завея сячэ
І на позірк халодных блакітных вачэй
Прамяняць я гатовы свабоду.