Skip to main content

26 красавіка

Цёплы дзень. Адступіла дакучная слота.
У кафэ пачалі прадаваць шашлыкі.
Папяровыя змеі лунаюць над плотам,
Быццам вырвацца хочуць з дзіцячай рукі.

Аблачыны паўзуць. Вецер млявы, рахманы.
Зноў чуваць на дарозе машын гамана...
Разумею, што сёння не будзе падману —
Пачынаецца радасць, а з ёю вясна.

Зарыпелі арэлі: у парку адталым,
Як заўжды, бестурботна гуляе дзятва.
Я гляджу, пасміхаюся: трэба так мала
Тым, хто сёння расце, як пад сонцам трава.

А хлапчук-красавік гучна грукае ў дзверы,
Разліваецца хваляй па целе святло.
І красуе жыццё: нават хочацца верыць,
Што Чарнобыля колісь даўно не было...