Skip to main content

Я жыву без паняверкі — проста...

***

Я жыву без паняверкі — проста,
Памятаю шчодрасці твае,
Толькі доля – неспазнаны востраў –
Хлеба мне без бою не дае.

Ведаю, што ўдача хітра маніць,
Ды мяне не пакідаеш ты.
Раз мой востраў недзе ў акіяне –
Навучуся майстраваць плыты.

Навучуся смерці не баяцца:
Мне ад касінеркі не ўцячы.
Дзень напоўню ачышчальнай працай,
Будзе шчасце ціхае ўначы,

Бо жанчына (грэшніца? Святая?)
Сыдзе на зямлю ў кароткім сне…
Як шкада! Яна не прычакае
На далёкім беразе мяне.