Skip to main content

Неверагодна — як з іншага свету...

***

Неверагодна — як з іншага свету,
Печаным яблыкам пахне ў пакоі.
Кажаш ты мне, што схавалася лета
Там, у лагчыне, за змерзлай ракою.

Толькі не бачу я ліпеня ў снезе,
Зорка далёкая зашаранела…
Хутка ў душу, як у дом твой, залезе
Нехта ласкавы, удачлівы, смелы.

Будзе настойлівай хваля пяшчоты,
Жоран кахання цябе перамеле.
Ты не забудзеш — ён прыйдзе ў суботу:
Будні для працы, для жонкі — нядзеля.

Моўчкі даруеш, паверыш: «Ён прыйдзе!»
І не збаішся даходзіць да кропкі,
Каб у суботу пачаўся твой тыдзень
З пошуку шчасця ў абдымках таропкіх.

Будзе спатканне адзінаю мэтай.
Дзень — для кахання, і шэсць — для спакою.
Ты ўжо не ўспомніш пра тое, што лета
Недзе хавалася. Там, за ракою…