Skip to main content

Снежань, бясконцыя вечары...

***

Снежань, бясконцыя вечары:
Цемра наўкол, дэфіцыт марозу.
Гэй, Дыяніс мяне прабяры,
Вось і чаму я дасюль цвярозы?

Слухаць бы музыку, піць глінтвейн,
Лашчыць рукою твае калені…
Снегу бракуе, няма завей:
Толькі глабальнае пацяпленне

І цішыня. Я адзін сяджу,
Сумны ўнутры, неахайны звонку,
Мару пра сцюжу замест дажджу,
Мару, што побач чужая жонка.

Ат, дачакаюся халадоў —
Часта ад слоты ратуе студзень.
Нават каханая прыйдзе зноў,
Толькі ніколі маёй не будзе.

Я зразумею, што жыў не так,
І па віно пацягнуся ў краму.
Злітуйся, Божа, падай мне знак,
Ну… І мазгі падары таксама.