Skip to main content

Тэнесійскі вальс

Як хочацца - хоць плач, хоць галасі,
Каб вывела дарога ў Тэнесі,
Ці ў Джорджыю, дзе я не быў ніколі,
Ці ў Грузію - цяпер усё адно.
"Еж персікі, пі лёгкае віно,
Глядзі на горы, пазбаўляйся болю" –

Сказаў бы я сабе, каб грошы меў,
Але даўно ў кішэнях ветрык дзьме.
На гэтым свеце не бывае цудаў:
Раз вандраваць без грошай не з рукі,
Хадзі, нябожа, палівай гуркі
Ды пасміхайся, як схуднелы Буда.

Нярадасныя думкі ў галаве,
Хаця... Навошта скардзіцца на свет?
Я сам ва ўсіх праблемах вінаваты.
Зноў на гурочнік жоўты лью ваду
І думаю: вось-вось збягу, сыду…
А нада мной – бялейшыя за вату,

Лятуць аблокі. Ці не з Тэнесі,
Дзе сонны месяц над гарой вісіць,
Паказвае бурштынавыя рогі?
Аблокі пазіраюць на людзей,
А нас турбота па зямлі вядзе,
І мы пражыць не можам без трывогі.